Імя Францішка Багушэвіча (1840–1900) — з самых дарагіх нашаму народу. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ён ярка выявіў свой талент перадусім у паэзіі.
Рукапіс зборніка не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Яна Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў «Мая дудка», «У судзе», «Воўк і авечка», «Думка», а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды «Хцівец і скарб на святога Яна». Гэтыя аўтографы даюць падставу меркаваць, што «Дудка беларуская» кампанавалася ў 1886–1890 гг.